26 лістапада 1930 года нарадзіўся адзін з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры, заснавальнік айчыннага гістарычнага рамана Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, сцэнарыст, літаратурны крытык, перакладчык. Уладзімір Караткевіч значна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычным і жанравым плане, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.
95-ую гадавіну з дня нараджэння У. Караткевіча адзначылі ў бібліятэках раёна. Наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым шляхам пісьменніка і акунуцца ў чароўны свет яго твораў.
Дзівоснае падарожжа ”У нейкім прыгожым краі“ захапіла юных чытачоў Докшыцкай дзіцячай бібліятэкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўзгадалі казкі з кнігі У. Караткевіча”Лебядзіны скіт“, а затым прынялі самы актыўны ўдзел у гульнях: весела збіралі бульбу, запляталі грыву ”каню“ і жвава скакалі, як верабейкі. На памяць кожны пакінуў сабе каляровае сонейка, зробленае разам з сябрамі.
Літаратурны партрэт ”Пясняр зямлі пад белымі крыламі“ (Порплішчанская сельская бібліятэка) стварыў вобраз чалавека, якога называюць гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Дзевяцікласнікі ўпэўніліся ў неардынарнасці асобы Уладзіміра Сямёнавіча, паслухаўшы інфармацыю пра яго жыццёвы і творчы шлях. Бібліятэкар пазнаёміла школьнікаў з найбольш вядомымі творамі аўтара. Асаблівае месца было адведзена раману ”Каласы пад сярпом тваім“, які займае цэнтральнае месца ў літаратурнай спадчыне пісьменніка. З вялікай цікавасцю ўдзельнікі прагледзелі буктрэйлер, створаны бібліятэкарам на верш ”Бацькаўшчына“. У час мерапрыемства гучалі пранікнёныя песні, напісаныя на вершы У. Караткевіча.
Юныя чытачы Барсукоўскай сельскай бібліятэкі абмеркавалі казку ”Нямоглы бацька“. У Параф’янаўскай сельскай бібліятэцы і Глінскай сельскай бібліятэцы-клубе прайшлі літаратурныя гадзіны ”Слова пра чалавечнасць“. Усе мерапрыемствы суправаджаліся кніжнымі выставамі твораў Уладзіміра Караткевіча.






















