21 верасня ў раённай бібліятэцы была арганізавана дыялогавая пляцоўка “Бібліятэка і новае пакаленне: з кнігай ў будучыню”. Удзельнікамі адкрытага дыялога сталі загадчык дзіцячай бібліятэкі Гудзь Алена Уладзіміраўна, метадыст аддзела маркетынга цэнтральнай раённай бібліятэкі Капытка Алена Уладзіміраўна, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыіі Мірашнічэнка Святлана Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №2 г.Докшыцы Бадун Аксана Анатольеўна і вучні 10 класа гэтай жа школы.

У ходзе размовы прысутныя разважалі над пытаннямі, якія хвалююць і работнікаў бібліятэкі, і настаўнікаў, і бацькоў, і ўсіх тых, хто зацікаўлены ў тым, каб новае пакаленне было чытаючым, а значыць, адукаваным, культурным, граматным. Якой павінна быць сучасная бібліятэка? Ці ёсць будучыня ў кнігі? Што можна зрабіць, каб моладзь ахвотней і больш чытала? Інтэрнэт – альтэрнатыва свету кніг? Гэта пытанні, якія не маюць адназначных адказаў.

Пачалося мерапрыемства з захапляльнага падарожжа ў дзівосны свет гісторыі бібліятэк. Затым вучні 10 класа падзяліліся сваімі ўяўленнямі пра работу сучаснай бібліятэкі, саставілі “партрэт” сучаснага бібліятэкара. Усе разам удзельнікі дыялога прыйшлі да высновы, што сёння бібліятэка – гэта інтэлектуальна-культурны цэнтр, а бібліятэкар павінен валодаць рысамі і эксперта, і арганізатара, і педагога, і псіхолага, і аратара.

Разважаючы над пытаннем “Што выбраць: знайсці кнігу ў Інтэрнэце ці схадзіць у бібліятэку?”, юнакі і дзяўчаты выказвалі розныя думкі, але ўсе пагадзіліся з Гудзь Аленай Уладзіміраўнай: бібліятэка і Інтэрнэт не канкурэнты, а партнёры. А вось адказ на пытанне “Ці ёсць будучае ў кнігі?” адназначны: кніга была, ёсць і будзе. І бібліятэка будзе заўсёды, калі мы здолеем захаваць яе лепшыя рысы: атмасферу цішыні і спакою, утульнасць, добразычлівасць і цеплыню адносін. Словы работнікаў бібліятэкі гучалі аптымістычна: новае пакаленне стала чытаць больш, выбірае розную літаратуру (ад мастацкай да спецыяльнай), выкарыстоўваюцца цікавыя формы супрацоўніцтва з моладдзю, прапануюцца сучасныя тэхналогіі.

Напрыканцы вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай “Кніга. Моладзь. Поспех”.

Адкрыты дыялог, безумоўна, атрымаўся актуальны, шчыры, цікавы і карысны.

1
2
3
4
5
6
7
8
9