8 лютага Беларусь адзначыла 105-годдзе з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа – класіка беларускай літаратуры, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, празаіка, драматурга, грамадскага дзеяча.
Іван Мележ пакінуў яркі след у гісторыі айчыннага мастацтва. Яго кнігі перакладзены на многія мовы, па іх зняты фільмы і пастаўлены спектаклі. Раманы Івана Мележа глыбока прасякнуты праўдай жыцця, адлюстроўваюць складаныя перыяды гісторыі, моц чалавечага духу і непахісную веру ў ідэалы.
Самым значным творам, у якім талент Івана Мележа раскрыўся ў поўную сілу, з’явілася трылогія ”Палеская хроніка“. Гэта сапраўды энцыклапедыя народнага жыцця, якая апавядае пра лёс беларускага сялянства ў эпоху калектывізацыі на Палессі.
Каб ушанаваць памяць классіка беларускай літаратуры, выказаць словы ўдзячнасці за яго творчасць, у бібліятэках раёна былі арганізаваны разнастайныя мерапрыемствы: літаратурная гадзіна ”Палескай зямлі волат“, кіналекторый ”Героі Мележа на экране“, літаратурная гасцёўня ”Як жыць –дык жыць для Беларусі“, бібліяграфічныя агляды і іншыя.
Так, у філіяле ”Гарадзішчанская сельская бібліятэка-клуб“ прайшла літаратурная гадзіна ”Палескай зямлi волат“. Госці мерапрыемства пазнаёмiлiся з цiкавымi i невядомымi фактамi з жыцця Iвана Мележа, прачыталi ўрыўкi з яго твораў. Вялікую цікавасць выклікала кнiжная выстава, на якой былі прадстаўлены шматлікія творы пісьменніка.
Спадзяёмся, што ўдзельнiкі ўсіх бібліятэчных мерапрыемстваў змаглі адкрыць для сябе новыя старонкі творчасцi Івана Мележа.

















