Докшыцкая цэнтральная раённая бібліятэка дала старт Тыдню роднай мовы, які ў гэтым годзе праходзіць з 17 па 22 лютага. Да яго далучыліся чытачы рознага ўзросту.
Тыдзень роднай мовы адкрыў літаратурны вечар ”Да людзей з любоўю ідучы“, на які бібліятэкары запрасілі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту. Мерапрыемства было прысвечана 105-годдзю з дня нараджэння Івана Мележа. Вядучыя нагадалі гасцям дзесяць мясцін, якія пакінулі след у жыцці і творчасці пісьменніка. А слайды прэзентацыі дазволілі на свае вочы пабачыць дарагія сэрцу Івана Паўлавіча краявіды. Цікава прайшоў агляд тэматычнай выставы ”Пясняр палескай душы“. Удзельнікі з задавальненнем чыталі вершы, спявалі песні ”Майскі вальс“, ”Каля грэблі шумяць вербы“, ”Жураўлі на Палессе ляцяць“ і іншыя.
Вучні 10 класа ”Сярэдняй школы №1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога“ паглыбіліся ў чароўны свет роднага слова падчас літаратурнага экскурса ”Беларуская мова – мелодыя сэрца“. Яны прачыталі вершы Ю. Свіркі ”У нас сваіх хапае слоў“, Н. Гілевіча ”Як ты дорага мне, мая родная мова!“,
П. Броўкі ”Калі ласка“, а потым разгадвалі загадкі-жарты, прынялі актыўны ўдзел у конкурсах ”Перакладчыкі“, ”Шарады“, ”Словаведы“ і іншых. Прадэманстравалі кемлівасць ў гульнях ”Рухаючая сіла“, ”Знаўцы беларускага фальклору“. Паспяхова выканаўшы заданні, дзеці частаваліся цукеркамі. Напрыканцы бібліятэкар прапанавала школьнікам цэлы тыдзень размаўляць на беларускай мове і выбраць кнігі беларускіх аўтараў. Спадзяёмся, бібліятэчнае мерапрыемства дапамагло ўсвядомiць, што мова – гэта сапраўднае багацце, якое не павінна знікнуць. Ведаць i захоўваць беларускае слова – абавязак кожнага грамадзяніна.
Цікавасць у чытачоў рознага ўзросту выклікаў агляд выставы ”Беларускія пісьменнікі-юбіляры“. Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з біяграфіяй і творамі пісьменнікаў, якія ў 2026 годзе адзначаюць юбілей. Наведвальнікі з ахвотай бралі кнігі, якія спадабаліся, каб пачытаць іх дома.
Тыдзень роднай мовы працягваецца. Запрашаем усіх жадаючых ў бібліятэку!

















