На “Славянскім базары” ў Віцебску падчас працы “Докшыкага панадворка” Міхась Конан падарыў сваю чацвёртую кнігу “Абэрак” сваім чытачам-землякам.
“Абэрак” – гэта гарадскі бытавы танец, які ў канцы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў быў модны ў паўночна-заходніх раёнах Віцебшчыны.
Міхась Конан нарадзіўся ў 1941 годзе на Докшыччыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у абласной газеце “Віцебскі рабочы”, віцебскай гарадской газеце “Віцьбічы”. Друкаваўся ў часопісах “Літаратура і мастацтва”, “Журналіст”, газетах “Комсомольская правда”, “Советская Белоруссия”, “Звязда”, альманаху “Дзвіна” і іншых выданнях.
Першае апавяданне “Дзясятая ступень” надрукаваў яшчэ ў 1967 годзе ў газеце “Знамя юности”. У 2008 годзе выдаў кнігу “Ради истины и справедливости”, а ў 2009 – зборнік апавяданняў “Летняе рэха”. У 2014 годзе аўтар парадаваў чытачоў раманам “Юргінія”. Ён пра тое, як няпроста, часам нават трагічна праходзіла калектывізацыя ў заходніх раёнах Віцебшчыны, як, дарэчы, і ва ўсёй Беларусі. “Абэрак” – чацвёртая кніга самабытнага беларускамоўнага аўтара. Аднайменная аповесць у зборніку ў пэўнай ступені працягвае тэму вясковага, хутаранскага жыцця.