25 ліпеня ў Гарадзішчы ў чарговы раз ладзілася свята “Ручнік як лёс”, якое прысвечана глыбока сімвалічнай, шматзначнай рэчы – ручніку, які адлюстроўвае гiсторыю народа, яго дух, творчыя памкненнi i мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры i мастацтва. Дзеля захавання духоўнай спадчыны нашых продкаў, дзеля ўзбагачэння будучых пакаленняў, свята стала традыцыйным мерапрыемствам гэтай мясцовасці. Гімн свята – песня “Ручнікі”, якую спецыяльна для гарадзішчанцаў напісаў вядомы беларускі кампазітар, ураджэнец Гарадзішча Мар’ян Зелянкевіч і докшыцкая паэтка Ірына Сясіцкая. Песня прагучала ў выкананні кампазітара Мар’яна Зелянкевіча і акампаніятара бібліятэкі-клуба Раісы Вярцінскай. У гэтым годзе свята было прысвечана хрэсьбінам і мела назву “А ў нас сягоння хрэсьбінкі”. Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Яму надавалася магічная сіла.
Ласкі Божай і дабра пажадаў вяскоўцам пробашч касцёла Іаана Хрысціцеля Алег Півавар. З пажаданнямі здароўя, шчасця выступіў перад сваімі землякамі старшыня Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Пётр Баляслававіч Кацейка.
У гэтым годзе работнікі Гарадзішчанскай бібліятэкі-клуба стварылі этнаграфічны куток, які аформілі ў выглядзе беларускай хаты, дзе стаяць кросны, стол, канапа, ложак, вісяць дываны і ручнікі. Дзве мясцовыя майстрыхі Юзэфа Іосіфаўна Матошка і Ванда Іосіфаўна Янкавіч злажылі кросны, падрыхтавалі іх да работы.
Падчас мерапрыемства жанчыны не толькі расказалі, але і паказалі, як ткуцца дываны сваімі рукамі. З зацікаўленасцю слухалі прысутныя захавальніц мясцовых традыцый Юзэфу Іосіфаўну Матошка, якая расказала пра выкарыстанне ручнікоў у радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, Яўгенію Станіславаўну Янкавіч, якая паказала і расказала пра ручнік, які дастаўся ёй ад яе бабулі, якая была ў вёсцы павітухай.
Падчас мерапрыемства дзейнічала выстава творчасці мясцовых рукадзельніц “Умелыя рукі”. Сярод работ, прадстаўленых на выставе: вязаныя рэчы Марыі Масевіч, Ганны Малькевіч, Марыі Парневіч, Вольгі Януковіч, Яўгеніі Янкавіч; вышыванкі Дар’і і Ульяны Янковіч.
Зацікавіў усіх прысутных абрад “Хрэсьбіны”. Ён быў незвычайны тым, што быў падрыхтаваны згодна мясцовых традыцый. Ганаровым госцем на мерапрыемстве быў дырэктар Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бабруйскага раёна”, рэжысёр узорнага тэатра лялек “Паўлінка” Аляксей Хамічонак, які выступіў у ролі бацькі ў хрэсьбінным абрадзе. Госці з цікавасцю даведаліся, як раней купалі дзіця, адпраўлялі ў касцёл, сустракалі кумоў і ўшаноўвалі бабку-павітуху, катаючы яе на возе.
Мерапрыемства суправаджалася хрэсьбіннымі песнямі, танцамі, вершамі пра ручнік, які з’яўляецца сімвалам чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
Даспадобы ўсім прыйшлося выступленне народнага ансамбля народнай песні Валкалацкага СДК “Прызбачка”.