27 мая ў вёсцы Гарадзішча адбылося свята ручніка “Ручнік, як лёс”, якое сабрала землякоў на незабыўную сустрэчу на малой радзіме. У гэтай мясцовасці шмат майстрых, што ткалі і вышывалі ручнікі, таму гэта свята стала тут традыцыйным. На мерапрыемства завітаў знакаміты зямляк, беларускі кампазітар Мар’ян Казіміравіч Зелянкевіч, які ў гонар свайго роднага мястэчка і яго жыхароў напісаў песню “Ручнікі”, якая была выканана падчас святкавання.
Да свята была прымеркавана выстава-конкурс “Смаката ад патэльні, чыгунка”, якая праходзіла ў трох намінацыях: “Лепшая страва, прыгатаваная на патэльні”, “Лепшая страва, прыгатаваная ў чыгунку” і “Арыгінальнасць ідэі падачы стравы”.
Цікава і ад душы старэйшая жыхарка вёскі Гарадзішча Юзэфа Іосіфаўна Матошка, якая ў гэтым месяцы адзначыла свой 80-гадовы юбілей, паведала аб ручной апрацоўцы лёну. Ручнік – гэта рэч не толькі дэкаратыўная, эстэтычная. Ён з’яўляўся нязменным атрыбутам пад час шматлікіх традыцыйных абрадаў і святаў, якія і зараз жывуць у народзе.
Для мясцовых жыхароў і гасцей свята быў падрыхтаваны святочны канцэрт, удзел у якім прынялі творчыя калектывы Докшыччыны.