Рыгор Іванавіч Барадулін – вядомы беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Яго творы адрозніваюцца глыбокім пачуццём любові і павагі да роднай зямлі, да Беларусі.
У Докшыцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла літаратурная гасцёўня ”Да людзей з любоўю ідучы“, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння паэта.
У ходзе мерапрыемства вядучыя расказалі пра жыццёвы і творчы шлях Барадуліна, пра цікавыя факты і малавядомыя падзеі з яго біяграфіі. У літаратурнай гасцёўні гучалі вершы Рыгора Барадуліна і песні, напісаныя на яго словы. Госці мелі магчымаць пазнаёміцца з кнігай “Вушацкі словазбор”, у якой пад адной вокладкай сабраны неацэнныя скарбы беларускай мовы. Іх, пачынаючы са школьных гадоў, бесперапынна занатоўваў за роднымі і землякамі народны паэт Беларусі. Непадробную цікавасць выклікала гульня ”Вушацкі алфавіт“. Удзельнікі мерапрыемства тлумачылі дыялектныя словы малой радзімы паэта, знаходзілі ім адпаведнікі, якія характэрны для нашай мясцовасці. На працягу мерапрыемства госці задавалі пытанні, пільна ўглядаліся ў кадры відэапрэзентацыі.
Прыцягвала ўвагу прысутных выстава кніг Рыгора Барадуліна, фотаздымкі паэта і яго родных.
Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы.