15 чэрвеня ў вёсцы Гарадзішча прайшло прыгожае і сардэчнае фальклорнае свята ”Ручнік як лёс“. У сёмы раз на ім сабраліся людзі, якія ашчадна берагуць і памнажаюць культурныя здабыткі продкаў. І як заўсёды, праграма мерапрыемства была вельмі цікавай і насычанай.

Чацвёрты год  на свяце праводзілася выстава-конкурс ”Смаката ад патэльні, чыгунка“, да якой гаспадыні не толькі падрыхтавалі стравы нашых бабуль, але і добра іх прэзентавалі. Пра тое, што такое куфар і што ў ім захоўвалі нашы продкі,  расказала Юзэфа Іосіфаўна Матошка, зберагальніца фальклору і народных традыцый. Вялікую цікавасць у гасцей выклікалі  выстава дываноў ”Умелыя рукі“ і выстава ”Матулін ручнік“. З  традыцыямі саломапляцення Беларусі, уключанага ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, а таксама з вырабамі з саломы пазнаёмілі майстры Докшыцкага  раённага Дома рамёстваў.

Добры настрой прысутным падарылі ўдзельніцы фальклорнай групы “Скарбніца”, народны ансамбль народнай песні ”Прызбачка“ і народны хор работнікаў культуры раённага Цэнтра культуры ГУК ”Цэнтралізаваная клубная сістэма Бабруйскага раёна“.

Дзякуючы арганізатарам свята і мясцовыя жыхары, і госці атрымалі шмат пазітыўных эмоцый, дакрануліся да ўнікальнай і вельмі багатай народнай спадчыны.

photo_2025-06-16_07-00-45
photo_2025-06-16_07-00-50
photo_2025-06-16_07-00-51
photo_2025-06-16_07-01-06
photo_2025-06-16_07-01-07