Нарадзіўся 17 мая 1961 года ў вёсцы Асавы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.

Аколіца возера Рассвет, што ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, – гэта чаромхавая калыска былога панскага маёнтка. А паводдаль, на пагоркавым узвышшы, адной вуліцай, даўжынёю ў жыццё, працягнулася вёска Асавы. Тут у 50-х гадах мінулага 20-га стагоддзя жыла звычайная сялянская сям’я Скакуноў Уладзіміра Ягоравіча і Ніны Трафімаўны. Пяцёра дзяцей, двое хлопчыкаў і тры дзяўчынкі, складалі радасць і надзею бацькоў. Але толькі аднаму з іх, Валерыю, было наканавана лёсам праславіць сваю малую радзіму паэтычнай творчасцю.

Усяго толькі пяць год давялося пражыць у роднай старане, але генетычная сувязь з бацькоўскім краем у далейшым стала спрыяльнай акалічнасцю для творчых узыходаў.

Вёска Скарынічы Сеннінскага раёна Віцебскай вобласці – другая малая радзіма, дзе будучы чэмпіён Беларусі па лыжных гонках сярод юнакоў, будучы пісьменнік, паэт-бард атрымаў адукацыю ў Сеннінскай школе.

У 1981 годзе Валерый закончыў Мінскі энергетычны тэхнікум.

Атрымаўшы прафесію энергетыка, працаваў па кантрактах на Поўначы, у Якуціі, у Казахстане на Байкануры, на Ямале, у Цюмені… Далёка ад дома ў часіны, калі туга па Радзіме лёгкім крылом кранала свядомасць, словы набывалі палёт, рыфму, рытм, стыль, музыку… Так нараджалася песня. Так нараджаўся паэт.

Усяго за свой амаль 30-гадовы творчы шлях (а пачаў ён пісаць у другой палове 80-х) Валерый пры жыцці выдаў чатыры книгі, сярод якіх тры кнігі паэзіі “Мяне вецер шукае” (2000 г.), “Набытак” (2006 г.), “На виражах судьбы” (2009 г.) і дзве кнігі прозы “Паўночны варыянт” (2012 г.), “За зацяненнем Поўначы” (2015 г.). Кніга “І вабіць дарога наперад” выйшла пасля смерці аўтара.

Свае вершы Валерый друкаваў ў часопісе “Першацвет”, у альманахах “Панядзелак”, “Літаратурны экватар” і другіх выданнях на рускай і беларускай мовах.

З’яўляўся аўтарам дзясяткаў песень, прафесійна іграў на гітары і быў удзельнікам розных фэстаў і конкурсаў бардаўскіх песень. У якасці члена літаратурнага клуба “Экватар” з канцэртнай брыгадай аб’ездзіў шматлікія воінскія часці, выступаў перад студэнтамі, служачымі, школьнікамі. Яму спадарожнічаў поспех, які быў крыніцай натхнення.

Жыццё паэта абарвалася ў дарозе, якая злучала яго малую радзіму з пастаянным месцам жыхарства – пасёлкам Дружны Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Гэта здарылася 20 сакавіка 2016 года, калі яму было толькі 55 год.

foto
skakyn1
skakyn2
skakyn3
skakyn4