Гмырак Лявон (літаратурныя псеўданімы: Барыс Заяц, Лявон Хмуры; сапраўднае прозвішча Бабровіч Мечыслаў).
Нарадзіўся 6(18) красавіка 1891 года ў фальварку Пархвенава Вілейскага павета, зараз в. Параф’янава. Беларускі крытык, публіцыст і празаік.
Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1908 годзе. Пасля адвучыўся ў прыватнай тэхнічна-прамысловай школе ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губерні. У 1914 годзе прызваны ў армію.
Біяграфія вывучана недастаткова, магчыма, ён з’яўляецца братам дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Я. С. Бабровіча.
Друкавацца пачаў з 1913 года ў газеце “Наша ніва”, з якой супрацоўнічаў і пазней: друкаваў там апавяданні, фельетоны, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы.
Аўтар апавядання “Васілёва вяселле” (1913), нарыса па гісторыі нацыянальна-культурнага руху “Беларускае нацыянальнае адраджэнне” (1914), артыкулаў па гісторыі беларускай культуры, актуальных праблемах сацыяльна-палітычнага жыцця, артыкула “Тарас Шаўчэнка” (1914) і інш..
Выступаў за культурна-нацыянальную аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакратычнымі сіламі Расіі, супраць хутарызацыі, падатковай палітыкі царызму і г. д.. Як крытык абараняў пазіцыі рэалізму і народнасці, выступаў супраць дэкадэнцтва, прызываў пісьменнікаў адгукацца на ўсе важныя з’явы жыцця, абуджаць у грамадстве гуманныя імкненні, вучыцца ў класікаў сусветнай літаратуры.
Загінуў на фронце ў гады I Сусветнай вайны 30 чэрвеня (13 ліпеня) 1915 года.