Нарадзілася 24 лютага 1955 года ў маляўнічым куточку Докшыцкага раёна – невялікай вёсцы Парэчча Сітцаўскага сельсавета, у простай сялянскай сям’і. Першай прыступкай у жыццё, у навуку дзяўчынцы стала Станіслаўская пачатковая школа. Ужо ў той далёкі і незабыўны час у Марыі ўзнікла жаданне стаць настаўніцай і быць падобнай на сваю першую настаўніцу Вольгу Сямёнаўну Дзегцярову, якая працавала шчыра, з душой.
Далей была Лісавіцкая васьмігодка і, нарэшце, Сітцаўская сярэдняя школа. З асаблівай удзячнасцю ўспамінае Марыя Браніславаўна настаўніцу рускай мовы і літаратуры Яўгенію Іванаўну Казлову, якая заўважыла ў характары дзяўчыны настойлівасць і патрабавальнасць да сябе і іншых, і сказала аднойчы: “Быць табе, Марыя, настаўніцай!” А яшчэ Яўгенія Іванаўна заўважыла і падтрымала першыя паэтычныя пробы дзяўчыны. Гэта і вызначыла далейшы лёс Марыі Браніславаўны.
Скончыўшы Сітцаўскую сярэднюю школу, Марыя Браніславаўна паступіла на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна (1972 г.), дзе чыталі лекцыі такія знакамітыя людзі, як Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Міхась Ларчанка.
Пасля заканчэння БДУ вярнулася ў роднае Парэчча, працавала настаўніцай, а потым дырэктарам Лісавіцкай базавай школы. У хуткім часе сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Сітцы, дзе працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, а апошнія гады, перад пенсіяй – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Увесь час Марыю Браніславаўну вабіла творчасць, аднадумцаў яна знаходзіла сярод сваіх вучняў. На працягу больш дзесяці гадоў з’яўлялася кіраўніком літаратурна-творчага гуртка “Жывое слова”, дзе імкнулася далучыць юныя душы да прыгожага пісьменства, да гармоніі ў жыцці і ў мастацтве. Удзельнікі гуртка перамагалі ў розных паэтычных конкурсах, выдавалі літаратурны альманах “Першацвет”, добра праявілі сябе ў алімпіядным руху.
Багаты паэтычны набытак увасобіўся ў першым зборніку “Светлыя ростані” (2004 г.), назва якога перадае ўзнёслы настрой, чысціню, прыгажосць паэтычнага слова, якое ўласціва паэзіі Марыі Ючкавіч.
Самаму светламу пачуццю – каханню да блізкага і дарагога чалавека прысвечаны паэтычны зборнік “Мой таямнічы востраў (2014 г.).
У 2015 годзе ўбачыў свет зборнік вершаў “Дарога да касцёла”. Для Марыі Браніславаўны вера ў Бога – гэта выйсце з цемры да святла, гэта моцная падтрымка ў складаных жыццёвых сітуацыях. Знаёмства з гэтай кнігай натхніла аўтара музыкі, удзельніцу хору Глыбоцкага касцёла Святой Тройцы Ганну Шаколу на напісанне духоўных песень, якія ўвайшлі ў зборнік “Песняй славім цябе, Божа”.
У 2016 годзе выходзіць зборнік “Незабыўнае”. Гэта ўспаміны, якія і хвалююць, і радуюць, і саграваюць цяплом роднай прыроды і блізкіх людзей.
У кожным імгненні нашага зямнога жыцця Марыя Ючкавіч знаходзіць водбліскі нябеснага святла. У 2019 годзе выйшаў зборнік яе вершаў “Святло і гармонія”.
Яе вершы друкаваліся не толькі на старонках раённай газеты, але і ў многіх абласных, рэспубліканскіх перыядычных выданнях, у літаратурным альманаху “Ратуша” (2014), зборніку вершаў “Чтобы память жила в сердцах поколений”, у кнізе “Будслаў – прызнанне ў любові” Марыя Браніславаўна піша філасофскія, духоўныя вершы, услаўляе сваё роднае Парэчча, яго непаўторную маляўнічую прыроду. Паэтэсу аднолькава хвалююць і праблемы выхавання дзяцей, і гора Чарнобыля, і наш заўтрашні дзень.