Стадольнік Іван Канстанцінавіч -беларускі празаік, паэт.
Нарадзіўся 12 верасня 1940 года ў вёсцы Янкі Докшыцкага сельсавета. Бацька Канстанцін Сцяпанавіч загінуў у 1945 годзе на фронце пры штурме Кёнігсберга. Маці Вольга Паўлаўна жыла ў роднай вёсцы, працавала ў калгасе. У 1947 годзе І. Стадольнік пайшоў у 1-ы клас Янкоўскай пачатковай школы, але правучыўся толькі да зімы, бо не было абутку і не хапала гадоў.
Пасля заканчэння Докшыцкай сярэдняй школы (1959) працаваў у калгасе імя Суворава Докшыцкага раёна, качагарам на цаліне (на станцыі Купрыянаўка Рузаеўскага р-на Какчатаўскай вобласці). Вярнуўшыся адтуль, зноў працаваў у калгасе, потым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі Докшыцкага раёна. У 1960 годзе паступіў на зубаўрачэбнае аддзяленне Полацкага медвучылішча, якое скончыў у 1963 годзе. Да 1967 года быў зубным урачом і выконваючым абавязкі галоўнага ўрача Мосарскай сельскай бальніцы Глыбоцкага раёна. Адначасова вучыўся завочна на факультэце журналістыкі БДУ (1965 – 1971).
З 1967 па 1971 гады адказны сакратар, з 1971 – загадчык аддзела сельскай гаспадаркі полацкай аб’яднанай газеты “Сцяг камунізму”. 3 1980 года рэдактар аддзела літаратуры, з 1984 – адказны сакратар часопіса “Вожык”, з 1991 года – часопіса “Тэатральная Беларусь”. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1980).
Вершы пачаў пісаць у школьныя гады. Першы верш “3 Новым годам” надрукаваны 1 студзеня 1960 года ў докшыцкай раённай газеце “Ленінская трыбуна”. Пазней, з 1962 года, вершы І. Стадольніка друкаваліся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”, “Рэспубліка”, “Чырвоная змена”, “Віцебскі рабочы”, “Піянер Беларусі”, часопісах “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Бярозка” і іншыя, у зборніках “Слова аб роднай прыродзе”, “Вяснянка”, “Беларуская байка”. У 1967 годзе ў часопісе “Вожык” змешчана першая гумарэска І. Стадольніка “Прататып”, а ў 1971 годзе на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” – першае апавяданне.
Аўтар зборнікаў сатыры і гумару “Як тут не смяяцца” (1985), апавяданняў “Хачу табе шчасця”(1979), аповесці і апавяданняў “Лістапад на пачатку лета” (1987), камедыі-фарса “Залатое вяселле” (1995). Асобныя гумарэскі пісьменніка перакладаліся на літоўскую, рускую, украінскую, армянскую і іншыя мовы. Песні на вершы І. Стадольніка напісалі Дз. Лукас, М. Пятрэнка. Аўтар шматлікіх вершаваных подпісаў пад агітплакатамі.
Памёр 4 мая 2021 года.