Курнушка Мікалай Сямёнавіч нарадзіўся ў 1924 годзе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, юнаку было толькі 17 і яго не мабілізавалі. Разам з сям’ёй ён аказаўся ў акупацыі. Працаваў стрэлачнікам на чыгунцы ў Порплішчы, дзе быў абсталяваны нямецкі бункер. У аперацыі па яго знішчэнні разам яшчэ з трыма хлопцамі і прымаў удзел Мікалай, дапамагаючы партызанам. Разгром закончыўся паспяхова: жывымі засталіся ўсе партызаны, а іх маладыя памочнікі апынуліся ў атрадзе імя Пархоменкі брыгады імя ЦК КПБ.
Мікалай Сямёнавіч стаў разведчыкам, кулямётчыкам, паспяховым падрыўніком. Напрыклад, толькі за адну ноч змог узарваць 29 мін, а гэта 724 метры чыгуначнага палатна.
Яго жонка была медсястрой па адукацыі і таксама дапамагала партызанам. Ад яе ішлі ў лес медыкаменты.
Калі Беларусь вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Мікалай Сямёнавіч пайшоў на фронт. Дарогі вайны давялі яго да Кёнігсберга. Быў цяжка паранены. Дадому вярнуўся ў 1947 годзе, бо працягваў служыць у арміі.
Затым былі мірныя гады і стваральная праца. Усё жыццё адпрацаваў М.С.Курнушка токарам (яго працоўны стаж налічвае 42 гады), выкладаў у мясцовай школе токарскую справу.
За поспехі ў выкананні вытворчых заданняў і сацыялістычных абавязацельстваў 11-ай пяцігодкі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.