Нарадзіўся Сяргей Антонавіч Супранёнак 16 снежня 1922 года ў в.Шыпы Глыбоцкага раёна. Бацькі яго працавалі ў калгасе. Работа была цяжкая. Сын дапамагаў даглядаць жывёлу, апрацоўваць зямлю, таму змог скончыць толькі 4 класы пачатковай школы. У 1940 годзе прыйшоў пуцявым абходчыкам на чыгуначную станцыю Крулеўшчына.
У кастрычніку 1944 года яго мабілізавалі ў армію. Пасля двухмесячных курсаў быў накіраваны на 1-ы Беларускі фронт, служыў у разліку супрацьтанкавай гаўбіцы.
Сяргей Антонавіч удзельнічаў у вызваленні Польшчы, быў сведкам гістарычнай сустрэчы савецкіх і амерыканскіх войск на Эльбе ў красавіку 1945 года. Перамогу сустрэў у Берліне.
Пасля вайны ажаніўся, выхаваў двух сыноў. Працаваў дэзінфектарам у сельскай бальніцы, рабочым на цэглавым заводзе, стралком у ваенізаванай ахове.
Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”. Гэта далёка не поўны спіс узнагарод ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Антонавіча Супранёнка.