Вольга Фёдараўна Сцяпанава – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Не, яна не ваявала на фронце, не змагалася з немцамі ў партызанах, яна працавала на прыфрантавой чыгунцы. А гэта не меншы подзвіг.

Сцяпанавы – патомныя чыгуначнікі. Кандуктарам у Рызе працаваў бацька. У 30-я гады сям'я пераехала ў Крулеўшчыну. Так яны апынуліся ў Заходняй Беларусі. Каб пракарміць сям'ю, гаспадар пайшоў працаваць цесляром. Зямлі не было, хаты таксама, таму жылі вельмі бедна, здымалі ў чужых людзей куток. Як толькі падраслі чатыры старэйшыя сыны, бацька пачаў іх уладкоўваць на чыгунку. Для гэтага хлопцам прыйшлося нават змяніць веравызнанне і, зразумела, нацыянальнасць. Усе запісаліся палякамі. Але затое з гэтага часу сям'я ўздыхнула з палёгкай: у хаце з'явіліся грошы. Вользе Фёдараўне пашанцавала нават скончыць сямігодку, пасля чаго дзяўчына пайшла працаваць у тэхкантору на чыгунку.

Усё змянілася, калі прыйшлі немцы...

Служыць ім не хацелася, але і жыць за нешта трэба было. Пакуль раздумвалі, моладзь сталі забіраць у Германію. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль солтыс не растлумачыў мясцоваму нямецкаму начальству, што лепш людзей выкарыстоўваць для службы рэйху на месцы. Пасля гэтага ўсіх пагналі на будаўніцтва дэпо. Адразу працавалі з прахалодай, а потым немец, што ўмеў размаўляць па-польску, шапнуў, маўляў, чаго вы лянуецеся, гэта ж вам усё застанецца, фашысты ніколі не перамогуць.

Так яно і сталася, толькі немцы, калі адступалі, папсавалі многае. Па рэйках цягалі нейкі "плуг", які іх літаральна ўзорваў, напалавіну рэзаў шпалы. Калі савецкія войскі занялі станцыю, на ёй не было электрычнасці, сувязі. Аднавіць разбураныя камунікацыі трэба было за некалькі дзён. Прыехаў ваенны працоўны батальён, а ў дапамогу яму пайшлі ўсе мясцовыя чыгуначнікі. Начальнікам станцыі стаў Жаркоў, а Вольга Фёдараўна – дыспетчарам. Калі станцыя запрацавала, саставы на фронт пайшлі адзін за другім. Начальнікі эшалонаў браліся за грудкі: кожнаму хацелася хутчэй даставіць туды боепрыпасы, тэхніку. Даставалася і маладому дыспетчару. Толькі што яна магла зрабіць? Адпраўкай саставаў кіраваў ваенны камендант. Таму толькі супакойвала, што праз некалькі гадзін эшалон абавязкова будзе адпраўлены. I яны – здаровыя, моцныя, прайшоўшыя франты і шпіталі – мякчэлі і цішэлі пад уплывам пяшчотнага голасу маленькай чыгуначніцы.

Прыфрантавы вузел не мог не цікавіць немцаў, і ўсе разумелі, што цішыня на ім падманлівая. Яе ўзарваў раніцай гул нямецкіх самалётаў. Жаркова не было, і Вольга Фёдараўна аказалася адзіным чалавекам, які мог уратаваць станцыю, дзе на гэты час знаходзілася тры саставы з боепрыпасамі. Атрымаўшы па рацыі папярэджанне аб паветраным налёце, яна адразу спужалася, тым больш, што ўсе пабеглі хавацца. Дыспетчар сабе гэтага дазволіць не магла. Супакоілася, сабралася з духам і пачала шукаць месца, дзе б можна было "схаваць" саставы. Два адправіла на свабодныя перагоны на Маладзечна і Глыбокае, трэці – самы кароткі – схавала ў прамым сэнсе гэтага слова пад дрэвы. Зверху, спадзявалася, ён не будзе бачны. А немцы ўсё ж скінулі дзве бомбы на Крулеўшчыну, ды шкода ад іх была невялікая.