Восенню 1939 года Сцяпана Гаршкова прызвалі на тэрміновую службу, дзе хлопца і заспела вайна. Тры старэйшыя браты з іх шматдзетнай сям’і дабраахвотнікамі таксама пайшлі на фронт.

Потым была вучоба ў танкавай школе. У Горкім атрымалі 21 САУ-76. Вечарам полк пагрузіўся ў эшалон, поезд узяў кірунак на фронт. Каля Мінска разгрузіліся. Тут малады наводчык упершыню сутыкнуўся з “тыграмі”, але не разгубіўся і другім стрэлам падпаліў варожы танк.

А наперадзе чакаў доўгі і цяжкі шлях па франтавых дарогах.

Гэта здарылася 23 жніўня 1943 года. Полк ваяваў ўжо ў Прыбалтыцы. Другія суткі ішоў няроўны бой за вышыню 107,7 каля населеных пунктаў Кэлры і Рыстыотса Эстонскай СССР. Вораг упарта абараняўся. Нямала “тыграў”, “фердынандаў”, бронетранспарцёраў, гармат страцілі немцы, аднак супраціўленне ўсё яшчэ аказвалі.

Камандаванню палка спатрэбіліся свежыя дадзеныя аб наяўнасці і размяшчэнні жывой сілы і тэхнікі праціўніка. У разведку напрасіўся Сцяпан. У гэты дзень хлопец у сутычцы з ворагам, сілы якога значна перавышалі, быў цяжка паранены. Бронетранспарцёр падбілі, таварышы па экіпажы загінулі, а Сцяпана з пербітымі нагамі выкінула з машыны. Апрытомнеўшы, хлопец папоўз да сваіх. У палявы шпіталь адважнага наводчыка нёс на сабе і вёз на падводзе ад’ютант камандзіра палка. Урачы сказалі: каб пазбегнуць гангрэны, патрэбна тэрміновая ампутацыя ног. Такая перспектыва, безумоўна, не радавала 22-гадовага хлопца. Але адчаю не было.

У палявым шпіталі хірург Браслаўскі зрабіў усё, каб пакінуць юнаку ногі. Месяцы праз тры Сцяпан ужо хадзіў на мыліцах, а потым пачаў прасіцца на перадавую. Яшчэ праз месяц быў у новым экіпажы самаходкі.

Потым зноў баі. Сцяпан Мікалаевіч удзельнічаў у аперацыі “Баграціён”, вызваляў ад ворага Бешанковіцкі раён, яшчэ раз быў цяжка паранены пад Астроўна. Пасля шпіталя зноў ваяваў у сваім родным палку. Ужо ў Венгрыі яму ўручылі ордэн Чырвонага Сцяга за мужнасць, праяўленую ў баі пры вызваленні Астроўна, ордэн Славы II ступені за тое, што ў Познані экіпаж САУ-76 узяў у палон каля 20 немцаў.