Кеда Мікалай Паўлавіч нарадзіўся 12 снежня 1926 года ў вёсцы Козікі Докшыцкага раёна. Трапіў на вайну ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, калі надышоў перыяд мабілізацыі. Служыў вясковы хлопец у пяхоце. 372-я Наўгародская стралковая дывізія Другога Беларускага фронту стала для яго роднай на ўсю вайну.
З успамінаў Мікалая Паўлавіча: “Ішоў бой. Кругом ляскат, грукат… і раптоўны ўскрык першага памочніка. Азірнуўся: скорчаны ў ненатуральнай позе таварыш зайшоўся ад пякучасці ранення. Рвануўся Мікалай да яго з санпакетам, выхапіў абмотку, каб абвязаць рану сябра да прыбыцця медыцынскай дапамогі. Зноў кінуўся да кулямёта і толькі-толькі памкнуўся за дыскам, як магутны выбух болю скалануў цела, і ў чорнай прорве свядомасці са слупам іскраў у вачах паспела прамільгнуць думка: “Няўжо забіты?”
Ачуўся ў прыфрантавым шпіталі. Косці чэрапа, што расчляніліся пры пападанні кулі, “злучылі” металічнымі скобамі.
“Жыву!” – радаваўся юнак і цішком цалаваў мамін крыжык, схаваны ў бумажніку ад вачэй атэістаў-камсамольцаў.
“Як ты там, мама,” – думаў баец, успамінаючы яе адчайны погляд, калі яна, маці васьмярых дзяцей, у хуткім часе пасля вызвалення Докшыц праводзіла на вайну дарагіх мужчын: мужа і дваіх сыноў. “Ну што, пехацінец, можа, лепш у артылерыю?” – пыталіся ў параненага праз месяц, прапаноўваючы выбар. “Я пайду толькі ў свой полк!” – адрэзаў хлопец. І пайшла, пайшла пяхота з Усходняй Прусіі зноў на Польшу, затым у Памеранію, з Германіі на Гданьск.
Да Гданьска засталося нямнога, кіламетраў з васемнаццаць, але заняць патрэбную вышыню ніяк не ўдавалася.Нямецкі шасціствольны мінамёт, прызваны “ішаком”, няшчадна глуміў нашых, пакуль яны не дасягнулі цэлі. Вышыня далася дарагой цаной. З 28 чалавек Міколавага ўзвода непараненых было толькі двое. Адзін так і застаўся на полі бою.
Мікалая Кеда з цяжкім раненнем адправілі ў глыбокі тыл. Чатыры складаныя аперацыі на назе ўсё-такі далі магчымасць яму хадзіць. Але ж некалькі “узнагарод” з тых крывавых часоў так і засталіся назаўсёды ў целе – гэта асколкі варожай зброі. Каб і хацеў забыць, адным махам адкінуць мінулае – не выйдзе. Памяць – балючая, непарушная – жыве.
Дзень Перамогі сустрэў там, у шпіталі ў Варонежскай вобласці. Баявыя сто грамаў, кветкі, віншаванні ад мясцовага калгаснага кіраўніцтва, ад сваіх – ад усіх. Але ваенныя пуцявіны Кеды пабеглі далей: яго чакала служба ў далёкай Алма-Аце.
І толькі ў 1950-ым годзе, пасля доўгіх блуканняў па каляных дарогах вайны і службы, вярнуўся ён у родныя Козікі. А вярнуўся дамоў – голад, нястача, праца. За год працы ў калгасе атрымаў Мікалай Кеда чэсна заробленыя дзве вязкі саломы. Вось і жыві, вось і абзавадзіся сям’ёй. Аднак усё ішло як мае быць. І вяселле было, і сям’я з дваімі дзеткамі. А яшчэ была праца: у калгасе, сельсавеце, нарсудзе, райваенкамаце. Самы вялікі стаж напрацаваў Мікалай Паўлавіч у ваенкамаце. Працаваў намеснікам начальніка першага аддзела, начальнікам сацыяльна-фінансавага забеспячэння. З гэтай пасады і на пенсію пайшоў.
За той час пабудаваў з жонкай вялікі дом у Докшыцах. Вырасла двое сыноў. Адзін стаў прафесійным ваенным. Зараз, праўда, ужо ў адстаўцы. На ўласным прыкладзе вучыў сваіх дзяцей Кеда быць мужчынамі, вучыў таму і хлопцаў, якія ішлі ў армію. Вельмі не падабаўся Мікалаю Пятровічу той момант, калі моладзь імкнулася ўхіліцца ад службы. Каму ж быць абаронцамі Айчыны, калі не моцнай палове чалавецтва? Лічыў былы салдат, што мужчыны павінны мець годнасць у першую чаргу, а затым і моц, і мужнасць, і гонар.
За пройдзены баявы шлях вайны і пасляваеннай службы, плённую працу ў мірны час Радзіма ўзнагародзіла ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Паўлавіча Кеда ордэнам Славы I ступені і ордэнам Айчыннай вайны II ступені, юбілейнымі медалямі, пахвальнымі лістамі і граматамі.