Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксею было 22 гады. У той час ён служыў у Харкаве. Яго адразу адправілі на фронт пад горад Арол. Ваяваць хлопцу прыйшлося ў 5-ай арміі 144 дывізіі 612 палка пад кіраўніцтвам Ракасоўскага. Аляксей Захаравіч прайшоў усю Беларусь, ваяваў у Германіі, Японіі, у 1942 годзе працаваў у, а ў 1943 – зноў фронт, разведка. Быў паранены ў нагу.
Толькі шчаслівы выпадак выратаваў салдата ад смерці. На грузавіку вёз прадукты і падарваўся на міне. Цудам застаўся ў жывых. На полі яго знайшла жанчына: у руцэ трымаў банку тушонкі і трызніў, як хутчэй даставіць груз на перадавую.
Дэмабілізаваўся Аляксей Захаравіч у 1946 годзе. Але яшчэ доўга ваенныя жахі не давалі спаць, прымушалі ўскрыкваць сярод ночы пры любым гуку. Нават спаць на ложку не мог, толькі на падлозе.
Але час – самы лепшы лекар. Прайшлі гады. Хлопец ажаніўся і жонку сабе выбраў да пары – прыгожую, працавітую, смелую. Яна ў час вайны дапамагала партызанскаму атраду Волкава, у якім знаходзіліся і яе браты.
За баявыя заслугі Таляронак Аляксей Захаравіч узнагароджаны двума ордэнамі Славы, мноствам медалёў. Толькі не любіў ветэран расказваць пра свае подзвігі, лічыў, што ўсе імкнуліся набліжаць перамогу, выконваючы святы абавязак грамадзяніна.