Уладзімір Васільевіч Бурдыка – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, нарадзіўся 10 верасня 1927 года ў весачцы Замошша Ушацкага раёна Полацкай вобласці (цяпер Віцебская). У сям’і акрамя яго было яшчэ двое дзяцей: брат Якаў і зводны брат Іван. Дзяцінства праходзіла ў маляўнічай мясцовасці: лясы, лугі, возера. Да вайны скончыў 6 класаў.

Уладзімір 15-гадовым юнаком сустрэў вайну. Яго вёску Замошша на досвітку 1942 года акружылі немцы. Амаль ўсіх пагналі ў Нямеччыну. Уцёк ад палону толькі ён, некалькі дзён блукаў па лесе, пакуль не сустрэўся з партызанамі. Яго прынялі ў атрад імя Даватара партызанскай брыгады імя Панамарэнкі. Хлопец хадзіў у разведку, выконваў іншыя заданні, прымаў удзел у баявых дзеяннях.

Неўзабаве падаспелі войскі рэгулярнай Савецкай Арміі, да якіх далучыліся партызаны, і Беларусь была вызвалена. Партызаны з войскамі Чырвонай Арміі пагналі немца на захад, а юнака адправілі дамоў: гадоў малавата. Толькі не ў характары Бурдыкі здавацца. Пайшоў у ваенкамат прасіцца добраахвотнікам на фронт. Ваенкам растлумачыў, што ў 16 гадоў прызыву не падлягае. А ў гэты час праз пасёлак ішла артылерыйская калона. Выхад: ускочыць на машыну вайсковай часці і прасіцца на фрон, так ён і зрабіў. Вось так Уладзімір Бурдыка стаў артылерыстам, улічылі партызанскія заслугі, выдалі салдацкую форму. Быў паранены каля горада Франгфурд, на Одэры – кантужаны. Але здаровы малады арганізм хутка ўзнаўляўся, зажывалі раны. Баі, стральба, танкі, гарматы, самалёты. Вайну скончыў на нямецкай зямлі, дайшоў да Прусіі. За ваенныя заслугі атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны II ступені і шматлікія медалі.

Пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне паступіў у школу малодшага авіяцыйнага стралка, быў выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі, затым служыў пад Кобрынам у авіацыі 8 гадоў тэрміновай службы.

Пасля заканчэння службы ў 1952 годзе Уладзімір Васільевіч паехаў ў Докшыцкі район. У 1953 годзе сустрэў свой лёс, ажаніўся на Ядвізе Іосіфаўне Куніцкай. Разам з жонкай вучыўся ў Віленскім настаўніцкім інстытуце, а затым завочна – у Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Танка. Працавалі разам ў Параф’янаўскай, Сітцаўскай школах, затым у Заборцаўскай. Потым Уладзімір Васільевіч стаў яе дырэктарам.

Так і ўладкаваліся ў вёсцы Заборцы, тут пабудавалі свой дом, тут нарадзіліся іх дзеці. Ганарыцца Уладзімір Васільевіч сваімі ўнукамі і праўнукамі. 38 гадоў муж і жонка выхоўвалі вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак, і цяпер ветэран Вялікай Айчыннай вайны напоўнены бадзёрасцю, аптымізмам, вайсковай выпраўкай і такой неверагоднай прагай да жыцця.

byrdika1
byrdika2
byrdika3
byrdika4
byrdika5
byrdika6
byrdika7