Буланаў Васіль Аляксеевіч нарадзіўся 23 лютага 1923 года ў вёсцы Заборы Расонскага раёна Віцебскай вобласці. З дзяцінства марыў стаць гісторыкам, але перш чым збылася яго мара, прыйшлося яму разам з баявымі сябрамі прайсці цяжкімі дарогамі вайны. Ён прайшоў суровую школу вайны: баец знішчальнага батальёна, актыўны ўдзельнік падполля, адзін з першых байцоў партызанскага атрада.
Васіль Аляксеевіч быў падпольшчыкам атрада імя Шчорса брыгады імя Ракасоўскага https://partizany.by/partisans/60129/. У час выканання баявых заданняў паказаў сябе знаходлівым, смелым байцом, таму быў хутка пераведзены ў брыгадную разведку. Разведваў падыходы да фашысцкіх гарнізонаў, у блакадныя дні і месяцы знаходзіў “шчыліны” ў заслонах карнікаў і, “прымаючы агонь на сябе”, выводзіў атрад. Колькі вёрст прайшоў ён разам з брыгаднымі разведчыкамі, пастаянна знаходзячыся ў зоне смяротнай небяспекі! Яму прыйшлося ўдзельнічаць у многіх небяспечных баявых аперацыях, дзе ён набыў баявы вопыт, адшліфоўваючы майстэрства разведчыка. У перыяд баявога рэйду брыгады ў Пастаўскі раён менавіта яму даверылі захоўваць сцяг атрада.
За баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны” 1-й ступені, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”, юбілейнымі медалямі.
У 1959 годзе Васіль Аляксеявіч закончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага.
Буланова Зінаіда Антонаўна нарадзілася 7 верасня 1926 года ў вёсцы Сяргейкі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.
Калі пачалася вайна, толькі закончыла сем класаў Краснагорскай школы, але жаданне ўступіць у барацьбу з фашыстамі з’явілася адразу. Бацька з самага пачатку наладзіў сувязь з партызанамі, дапамагаў ім будаваць зімовыя лагеры, а восенню 1943 года пайшоў у атрад. Хацела хутчэй стаць байцом атрада. Зіна і гадоў сабе дабаўляла, і за настаўніцу, пераапрануўшыся, выдавала сябе – не дапамагло. Зімой 1943 года немцы пачалі рыхтаваць карную экспедыцыю супраць партызан. Быў атрыманы загад: “Ратаваць насельніцтва любой цаной”. Вось і павезлі вяскоўцаў далей ад непасрэднай фашысцкай пагрозы.
Зінаіда Антонаўна апынулася ў атрадзе “Смерць фашызму” https://partizany.by/partisans/140273/ брыгады Ляонава. Спачатку дапамагала ў шпіталі, займалася падрыхтоўкай перавязачных матэрыялаў, дапамагала медыкам. Пазней стала загадваць гаспадарчым блокам ва ўзводзе партызан. Займалася і баявой падрыхтоўкай. І нарэшце 14 чалавек, і Зіну ў тым ліку, прынялі ў партызаны. Партызанскае жыццё – гэта не толькі баявы шлях, складзены з гераічных заданняў. Гэта яшчэ і будні – цяжкія, незабываемыя. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, медалём “Ветэран працы”.
Пасля вайны ў 1947 годзе ажыццявіла сваю даўнюю мару – закончыла Аршанскі настаўніцкі інстытут і стала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Па размеркаванню трапіла ў Лучайскую сямігадовую школу Дунілавіцкага раёна, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Буланавым Васілём Аляксеевічам, які быў дырэктарам гэтай школы. У 1953 годзе пажаніліся, нарадзілі сыноў Валерыя і Леаніда.
У 1960 годзе сям’я настаўнікаў была накіравана ў Валкалацкую сярэднюю школу Докшыцкага раёна. Васіль Аляксеевіч быў прызначаны дырэктарам школы, на гэтай пасадзе ён адпрацаваў 23 гады. Выкладаў гісторыю, а яго жонка Зінаіда Антонаўна – рускую мову і літаратуру. Гэта былі людзі крыштальнай сумленнасці, глыбокай культуры. Яны вельмі любілі тую краіну, у якой нарадзіліся, вучылі дзяцей пачуццю патрыятызму на асабістым прыкладзе.
У час працы ў Валкалатах Васіль Аляксеевіч разам з тагачасным старшынёй калгаса “Памяць Ільіча” Ф.І. Чыкуном пабудавалі школу, у якой да нядаўняга часу вучыліся дзеці. Зінаіда Антонаўна шмат займалася грамадскай работай, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, стварыла ў СДК драматычны гурток, які шмат год радаваў сваімі пастаноўкамі вяскоўцаў.
Буланавы пражылі доўгае жыццё. Сваёй сціпласцю, бездакорнымі паводзінамі, уважлівасцю, тактам у адносінах да кожнага чалавека здолелі пакінуць яркі след не толькі ў памяці сваіх вучняў, але і ўсіх людзей, якія іх ведалі. Яны ўмелі любіць і прабачаць, дапамагаць і быць бязмерна ўдзячнымі за любую, нават самую маленькую ўвагу да іх.