Уладзімір Францавіч Паруль нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Маркава Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Перад вайной закончыў Расонскую сярэднюю школу, у якой у той час настаўнічаў будучы першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў. 17-гадовым юнаком ён сустрэў Вялікую Айчынную вайну, стаў падпольшчыкам, затым партызанам, саратнікам Пятра Міронавіча Машэрава.

Валодзя быў вельмі адукаваным хлопцам, лёгка наладжваў зносіны з людзьмі, быў да адчаю смелым, рашучым, умеў імгненна прыняць правільнае рашэнне ў складанай сітуацыі. У атрадзе імя Ракасоўскага Паруль стаў камісарам. Гэта быў самы малады партызанскі камісар Беларусі. Яго паважалі за храбрасць, адвагу, любоў да людзей, выключную сумленнасць.

Пасля вызвалення Беларусі, Уладзімір Паруль ваяваў у танкавых войсках. Узнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, Чырвонай зоркі, Айчыннай вайны і многімі медалямі.

Пасля службы ў Савецкай арміі скончыў Вышэйшую партыйную школу, педагагічны інстытут. Працаваў у савецкіх і партыйных органах, дырэктарам школы працоўнай моладзі, з 1965 па 1983 дырэктарам Докшыцкай сярэдняй школы, а калі выйшаў на пенсію – настаўнікам гісторыі. Доўгі час быў лектарам, узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Пра баявое мінулае свайго партызанскага атрада напісаў нарыс “Сям’я Нескароных”.

Уладзімір Францавіч быў вельмі неардынарным чалавекам – вялікім знаўцам, цудоўным аратарам, які сілай свайго слова мог павесці за сабой. Праводзіў вялікую грамадскую работу, сярод якой асноўнае месца займала яго дзейнасць па захаванні памяці аб вайне. Яго намаганнямі сабраны вялікі матэрыял пра Героя Савецкага Саюза, лётчыка, Івана Сцяпанавіча Палявога, які стаў асновай для стварэння музея ў сярэдняй школе горада Докшыцы.

Уладзімір Францавіч вельмі любіў сваю работу. Шмат сіл аддаваў ёй і меў бясспрэчны і непахісны аўтарытэт у вучняў.

Прыроджаны гісторык, таленавіты педагог і кіраўнік, ён карыстаўся вялікай павагай у насельніцтва раёна, унёс вялізны ўклад у справу навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Сваёй дабрынёй, чалавечнасцю, уважлівымі адносінамі да вучняў і іх бацькоў, падначаленых Уладзімір Францавіч Паруль залатымі літарамі ўпісаў сваё імя ў гісторыю развіцця адукацыі раёна.

paqrul3
parul1
parul2