Закончыўшы Мінскае медыцынскае вучылішча, юная медсястра не паспела папрацаваць у Рудзенскім раёне, куды была накіравана, як пачалася вайна. Алена трапіла на фронт. Пад Ярцавам Смаленскай вобласці палявы шпіталь акружылі фашысты. Як найчасцей бывала, у гэты час тут знаходзіліся толькі параненыя і медперсанал. Немцы пагрузілі палонных у цягнік і некуды павезлі. Доктар Барысаў, паранены ў нагу, сказаў медыцынскім сёстрам: “Я не змагу, а вы, дзяўчаткі, уцякайце”. Перад Оршай ім удалося саскочыць з цягніка. 3 Мінска Алена пешшу дабралася дадому, у вёску Грабяні. А 10 студзеня 1943 года пайшла ў партызаны, была ротнай медыцынскай сястрой у атрадзе №2 брыгады “Жалязняк”: лячыла параненых разам з баявымі сяброўкамі-медыкамі Праскоўяй Фёдараўнай Котавай, Фрыдай з Даўгінава і Дорай са Слабады.

У засадзе на дарозе Лепель-Беразіно быў паранены ў руку камандзір роты. Выратавала яго менавіта Алена Андрэеўна, а ў першую блакаду атрымала раненне сама.

Да прыходу Чырвонай Арміі была ў партызанах, а дакладней – да 1 жніўня 1944 года.

Узнагароджана Алена Андрэеўна ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём «Партызану Айчыннай вайны».