22 чэрвеня 1941 года ваеннаслужачы Пётр Міхайлавіч Добыш, які служыў шафёрам, паехаў прасіць звальніцельную. А замест гэтага яму давялося пачуць страшнае паведамленне – “Фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз”.
П. М. Добыш – ураджэнец вёскі Ваўча. Пётр Міхайлавіч яшчэ да вайны атрымаў вадзіцельскія правы, і з таго часу ён адслужыў, адваяваў, адпрацаваў у якасці шафёра.
З самых першых ваенных дзён “эмка”, за рулём якой быў малады шафёр з Беларусі, мерыла кіламетры франтавых дарог. 349-ы полк, 119-я Гвардзейская дывізія, артылерыйскія войскі.
П. М. Добыш вазіў камандзіра часці Сакаленку.Заўсёды была побач рызыка. Аднойчы, калі вёз камандзіра часці, пачуўся з лесу абстрэл. Выскачылі з машыны. Кулямі зрашаціла яе ўсю з боку вадзіцельскага месца.
У Калінінскай вобласці пад Ржэвам Пётр Міхайлавіч Добыш быў паранены. Усе чулі пра жудасную бітву пад Ржэвам. Пётр Міхайлавіч яе бачыў. “Вельмі многа там загінула людцаў”, – першае яго выказванне пры слове “Ржэў”.
Правёўшы месяц у сваёй санчасці, наш зямляк быў адпраўлены ў тыл. Гэта было ў ліпені 1942 года. Але, як аказалася, выпрабаванні і цяжкасці не закончаны для яго асабіста, а толькі пачынаюцца. П. М. Добыш трапляе ў палон. Немцы прывезлі няшчасных у Эстонію працаваць у сланцавай шахце. Катаржная праца пад прымусам. Калі нашы войскі пачалі наступленне, палонных пераправілі Балтыйскі морам у Германію, у канцлагер Дрэздан.
Вызвалілі амерыканцы. І адразу ж на месцы савецкіх палонных апынуліся былыя каты, гітлераўцы.
Пётр Мікалаевіч дадому трапіў толькі ў канцы 1964 года. Здарылася яму пасля вайны пабываць і ў Кіеве, папрацаваць на ачыстцы Крашчаціка. Абяцалі жыллё, прапаноўвалі заставацца. Але ўсё ж сэрца цягнула ў Беларусь.
У роднай Ваўчы хату спалілі немцы. Пасля вяртання Добышы пабудавалі новую, выгадавалі чацвярых дзяцей. Кожнаму далі адукацыю. Сам жа Пётр Міхайлавіч 52 гады адпрацаваў шафёрам. За шматгадовую добрасумленную працу мае ўзнагароду медаль “Ветэран працы”.