Удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Партызан брыгады “Жалязняк”. Іван Міхайлавіч Пярэдня нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Пустаселле Докшыцага раёна. У кастрычніку 1942 года група вясковай моладзі пайшла ў партызаны. Разам з імі адправіўся ў партызанскі атрад і Іван Міхайлавіч. Нялёгка было прыняць такое рашэнне, калі вакол размяшчаліся фашысцкія гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Акупанты бязлітасна распраўляліся з сем’ямі партызан. Бацькі Івана Міхайлавіча таксама не пазбеглі гэтай долі. Бацьку расстралялі, а маці з меншымі дзецьмі вывезлі на хутар Дубраўка каля вёскі Лапліна. Толькі дзякуючы добрым людзям навакольных вёсак яны выжылі.
Першыя месяцы знаходжання ў партызанскім атрадзе хлопец ахоўваў у лясным масіве базу брыгады “Жалязняк”. Вясной 1943 года, калі быў створаны 5-ы атрад, Іван стаў яго байцом. Самае страшнае, што прыйшлося перажыць у партызанах, гэта карныя аперацыі фашыстаў, накіраваныя на знішчэнне партызанскага руху. Супраць партызан былі кінуты ваенныя часці, якія мелі на ўзбраенні пушкі, танкі і самалёты.
У 1943 годзе ўдзельнічалі ў многіх баявых аперацыях. Атрад папоўніўся новымі байцамі. Найбольш паспяховым аказаўся бой па разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Юхнаўка. Для ворага ён быў нечаканым і кароткім. Партызаны захапілі шмат палонных, некалькі кулямётаў. Артылерыйскі разлік уліўся ў кулямётную роту.
Набліжаліся дні вызвалення Беларусі. Немцы яшчэ раз паспрабавалі знішчыць партызанскі рух у краі. Пачалася яшчэ адна блакада. Была пастаўлена задача забяспечыць зону для выхаду на пераправу воінскіх часцей Чырвонай Арміі. Для гэтага быў ачышчаны рубеж каля ракі Бярэзіна ля вёскі Броды.
1 ліпеня 1944 года, удалечыні чуўся гул машын. Гэта з боку запаведніка ішлі савецкія танкі, а калі ўбачылі першых савецкіх салдат, радасць была неймаверная.
Пасля вызвалення раёна Івана Міхайлавіча адправілі ў распараджэнне Бягомльскага райкама партыі. Адтуль накіравалі працаваць настаўнікам у Глінскую пачатковую школу. У кастрычніку быў дэмабілізаваны на фронт, стаў байцом 1-й Гвардзейскай дывізіі 3-га Беларускага фронта. Франтавымі дарогамі дайшоў да Кёнігсберга. Быў паранены. Перамогу сустрэў у вучэбным батальёне ў Прусіі.
Закончыў Лепельскае педвучылішча (1946 г.), Мінскі настаўніцкі (1953 г.) і педагагічны (1958 г.) інстытуты.У 1948-49 гг. – сакратар Бягомльскага РК ЛКСМБ. Працаваў настаўнікам і загадчыкам Загалаўскай і Глінскай пачатковых школ, дырэктарам Шыленскай васьмігадовай школы. У 1965-79 гг.- загадчык Докшыцкім раённым аддзелам адукацыі. У 1983 годзе дырэктар Докшыцкай сярэдняй школы, настаўнік фізікі і матэматыкі. Заслужаны настаўнік Беларусі.
Узнагароджаны медалямі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, “За взятие Кёнигсберга”, “За Пабеду над Германіей”, значком “Отличник образования СССР”.