Сяргей Іванавіч Кірычэнка – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на Першым і Другім Беларускіх франтах кулямётчыкам першага нумара кулямёта “Дзехцярова”, а потым – сувязістам. Баявое хрышчэнне атрымаў пад Варшавай у 1944 годзе ў складзе 70-й арміі пад камандаваннем генерала Папова. Прымаў удзел у вызваленні г. Варшава, за што быў узнагароджаны медалём “За вызваленне Варшавы”. Баі былі цяжкія. Немцы прымянялі артылерыю, танкі, авіяцыю. Яны вялі такі шчыльны агонь, што, здавалася, прастрэльваецца кожны метр. Таму перамяшчэнні савецкіх войск у асноўным праходзілі ноччу. І тут ужо як пашанцуе – дажыць да заўтра, ці загінуць ад “сляпой” кулі. Немцы чапляліся за кожны метр польскай зямлі, бо гэта была апошняя акупіраваная імі тэрыторыя. Сяргей Кірычэнка пад шквальным агнём праціўніка выпраўляў абрывы лініі сувязі, забяспечваючы бесперапынную сувязь паміж батальёнамі і камандным пунктам. Пад Варшавай быў паранены. Пасля шпіталя зноў вызваляў Польшчу, удзельнічаў у ліквідацыі Данской групіроўкі немцаў і вызваленні гарадоў.

З горада Сопат частка людзей была адпраўлена на р.Одэр. Там яны ўдзельнічалі ў фарсіраванні ракі. Яго падраздзяленне было пасаджана на самаходкі, і пачалося хуткае вызваленне Германіі. Апошні бой на першага мая, дзе загінула шмат салдат і афіцэраў. Наперадзе чакала Германія. Крыўдна было гінуць, разумеючы, што хутка Перамога.

Канец вайны Сяргей Іванавіч сустрэў на Эльбе. Узнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны II ступені”, медалямі “За адвагу” і “За Перамогу над Германіяй”. Усяго 18 узнагарод і копія ўзнагароднага ліста, дзе Сяргею Іванавічу ўручылі ордэн “Чырвонай Зоркі”. За час баявых дзеянняў першага стралковага батальёна ён забяспечваў бесперабойнай сувяззю камандны пункт з камандзірамі роты.

Форму салдата змяніў на цывільную вопратку толькі ў 1950 годзе. І адразу пайшоў вучыцца, бо да вайны паспеў закончыць 8 класаў, курсы шафёраў і землеўпарадчы тэхнікум. І вось цяпер лёс прывёў яго на біялагічны факультэт Віцебскага педінстытута. На гэты выбар, канечне, моцна паўплывала жонка Аліна Аляксандраўна, якая ўжо была да гэтага часу настаўніцай гісторыі.

Настаўнік, як і салдат, з яго атрымаўся дастойны. 30-гадовая педагагічная дзейнасць адзначана шэрагам Ганаровых грамат, у тым ліку і Міністэрства адукацыі БССР. Сотні былых вучняў удзячны педагогам Кірычэнкам за іх працу, дзе яны вучылі і выхоўвалі сваіх вучняў, паказвалі як можна дастойна пражыць жыццё, каб у старасці не пёк вочы сорам за непрыгожы ўчынак.

kirichenko1
kirichenko2
kirichenko3
kirichenko4
kirichenko5