Вайна для Уладзіміра Канстанцінавіча Жукоўскага пачалася з 1939 года, калі ён пайшоў служыць у армію. Служыў у Беларусі, у асобным батальёне, з ліпеня 1941 года ў Асіповічах. Тут і застала вайна. Першыя баявыя дзеянні звязаны з гэтым горадам. Ён, разам з баявымі сябрамі, абараняў гарады: Магілёў, Смаленск, Вязьму і Маскву, удзельнічаў у баях на Буйніцкім полі. Гэта быў самы цяжкі напрамак. Менавіта  пад Масквой быў кантужаны. Кантузія адмоўна адбілася на зроку і слыху. У кастрычніку 1941 года знялі з фронту, паслалі ў тыл, утварылася 3-я хімічная брыгада. Адвялі ад фронту, а потым ў 1943 годзе немцы кінулі хімснарады на поўдзень, і іх часць перакінулі туды. Гэта тэхнічная брыгада забяспечвала фронт усім неабходным: харчаваннем, абмундзіраваннем, боепрыпасамі. Вярнуўся дадому ў 1946 годзе.

Яшчэ да вайны Уладзімір Канстанцінавіч вучыўся ў Горацкім землеўпарадчым тэхнікуме. Адораны шматлікімі талентамі, ён імкнуўся іх удасканаліць і таму бясконца вучыўся. У 1965-м годзе закончыў Рэспубліканскую двухгадовую партшколу (разам з ім вучыліся: Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, першы рэктар Белдзяржуніверсітэта Сікорскі, іншыя вядомыя людзі краіны). Потым – вышэйшую партшколу пры ЦК КПСС (факультэт газетных работнікаў), Вялікалужскі педагагічны інстытут (гістарычны факультэт). Пяць гадоў Уладзімір Канстанцінавіч Жукоўскі ўзначальваў Докшыцкую раённую газету, доўгі час працаваў райлітам (сачыў за тэматыкай і зместам усёй друкаванай прадукцыі, што выходзіла з Докшыцкай друкарні), быў партыйным работнікам, а яшчэ – маляваў. З-пад яго пэндзаля выйшлі цудоўныя палотны «А. С. Пушкін у залаты перыяд Болдзінскай восені», «Аксіння і Грыгорый на Доне» па матывах рамана М. Шолахава «Ціхі Дон», «Мацярынская пяшчота» і іншыя. 

Узнагароджаны медалямі: «За абарону Масквы», «За Перамогу над Германіяй», «Ордэнам Айчыннай вайны II ступені».

zhykovski1