Алена Давыдаўна – малалетні вязень Вялікай Айчыннай вайны. На лёс кволай дзяўчынкі выпалі страшэнныя выпрабаванні. Так, падчас фашысцкай блакады разам з сям’ёй і аднавяскоўцамі хавалася ў бягомльскіх балотах. Голад быў нясцерпным. Калі ўдавалася партызанам забіць каня ці карову, елі сырое мяса, бо агонь забаранялася распальваць: уначы ён мог прыцягнуць увагу ворагаў, удзень выдаў бы дым. Пілі або бруд з балота, або ўначы, рызыкуючы жыццём, хадзілі на прыток Беразіны – раку Дзеражыну. Брудныя, хворыя, яны каля месяца сядзелі ў балоце.

I ўсё ж немцы іх знайшлі. Алена разлучылася ў лесе з матуляй і брацікам. Яна трапіла разам з іншымі ў палон да гітлераўцаў. У Мінску ў дзяўчынак і хлопчыкаў збіраліся ўзяць кроў. Нямецкія ўрачы правяралі стан здароўя дзяцей: вочы, язык, рот – усё. Надзвычай добра і смачна кармілі, каб узяць у маленькіх небарак дастатковую колькасць годнай крыві. Праўда, узяць кроў у дзяцей у немцаў не атрымалася, таму што перашкодзілі нашы войскі. Дзяцей павезлі на чужыну.

А там – Асвенцым, самы жудасны час. Алена Давыдаўна ўспамінала: “Бачу разяўленую печ, якая хапала людзей. Вязняў падганялі сотнямі, пхалі ў коўш, перакідвалі ў печ. Чую і сёння, як плакалі, крычалі людцы, прасіліся перад закідваннем у печ. Мы ж, адкінутыя ў нейкую камеру і папярэджаныя, сядзелі ўтраіх, прытуліўшыся ў куточку, у холадзе, не еўшы, не піўшы, у поўнай цемры двое сутак. Чулі енкі, крыкі ахвяр – ад гэтага дранцвелі яшчэ больш”.

I потым дзяўчынцы давялося зведаць шмат пакут, зняваг. Гэта было непасільным выпрабаваннем для дзіцячай псіхікі, здароўя. Малых вязняў перакідвалі з лагера ў лагер, аддавалі на работу панам.

Потым было вызваленне нашай арміяй. За 16 дзяцьмі замацавалі маладога салдаціка, які некалькі тыдняў іх, абарваных, знясіленых, вёз дадому: распіхваў па вагонах, умудраўся штосьці купіць, каб накарміць вечна галодных падлеткаў.

Алена Давыдаўна Зікрацкая пражыла доўгае жыццё. Выхавала ўласных дзяцей, шмат год працавала на розных пасадах у школе.