Калі пачалася вайна, Аляксандр пайшоў у партызаны, быў там падрыўніком. Аднойчы цяжка захварэў – тыф. Лячыўся ў шпіталі ў вёсцы Несцераўшчына. Успамінаў, што немцы бесперапынна бамбілі тэрыторыю.

У час чарговага задання, у якім прымаў удзел Аляксандр Ананьевіч, успыхнуў страшны бой. Група была разбіта. Атрад уласаўцаў захапіў рэшткі байцоў, якія былі паранены, у палон. Так Аляксандр трапіў спачатку ў Докшыцы, а затым быў адпраўлены ў Германію ў канцэнтрацыйны лагер Гамерштайн. З успамінаў – суп з бручкі, у якім плавалі блохі, трупы палонных з аб’едзенымі пацукамі насамі і вушамі.

Пасля вызвалення лагера савецкімі салдадамі Аляксандр трапіў у Гродна, адкуль быў прызваны ў армію. Далейшую службу праходзіў ва Уладзівастоку. Пасля вайны працаваў брыгадзірам у саўгасе “Докшыцкі”.